Салідарнасць са змагарамі за свабоду
Тысячы свечак запальвалі 16 снежня па ўсім свеце ў знак салідарнасці з беларускімі палітвязнямі, сем’ямі зніклых, рэпрэсаванымі і з тымі, хто змагаецца за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі. У Менску ў гэты дзень сотні людзей выйшлі на вуліцы. 100 чалавек роўна ў 18.00 запалілі свечкі на плошчы Незалежнасці, дзясяткі людзей прыйшлі да дома экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі, палітвязня Аляксандра Казуліна на Нямізе і запалілі свечкі салідарнасці з ягонымі сваякамі. Свечкі ў гэты дзень гарэлі ля кінатэатра “Кастрычнік”, Нацыянальнай бібліятэкі, Цэнтральнага чыгуначнага вакзалу і ў іншых раёнах Менска. Транспаранты, якія заклікалі вызваліць палітвязняў, былі вывешаныя ў шматлікіх частках горада. Дзень салідарнасці адзначылі ў Віцебску, Гародні, Гомелі, Салігорску, Барысаве, Берасці, Магілёве і ў іншых гарадах Беларусі. Тысячы беларусаў запальвалі свечкі Свабоды і Салідарнасці ў вокнах сваіх дамоў. У шматлікіх краінах свету пікетавалі беларускія дыппрадстаўніцтвы і праводзілі акцыі салідарнасці.
17 моладзевых актывістаў былі затрыманыя ў гэты дзень ў Менску падчас мірных акцый у розных раёнах горада. Праз некалькі гадзін пасля затрымання ўсе яны былі вызваленыя. Арыштоўвалі і затрымоўвалі актывістаў у іншых гарадах краіны. Актывіст Саюза палякаў Станіслаў Пачобут правёў сёння ноч у спецпрыёмніку-размеркавальніку. Выхад на плошчу са свечкай супрацоўнікі міліцыі расцанілі як "хуліганства".
Акцыі салідарнасці з Беларуссю прайшлі ў Бельгіі, Літве, Украіне, Расеі, Польшчы, Эстоніі, Швецыі, ЗША і іншык краінах свету.
Ініцыятыва праводзіць Дні салідарнасці нарадзілася пасля таго, як 16 верасня 2005 года міліцыя разагнала акцыю ў памяць зніклых і адняла ў яе ўдзельнікаў партрэты зніклых палітыкаў (людзі трымалі ў руках таксама партрэты выкрадзеных у Беларусі экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі і журналіста Зміцера Завадскага) і нацыянальныя сцягі. У той дзень моладзевы лідэр Мікіта Сасім узняў над галавой сваю джынсавую кашулю як знак супраціву дыктатуры.
З таго часу акцыі салідарнасці праводзяцца ў Беларусі і па ўсім свеце ў 16 дзень кожнага месяца. Тысячы беларусаў і сяброў нашай краіны ва ўсім свеце ў 20.00 запальваюць у сваіх вокнах свечкі Свабоды, праводзяць вулічныя акцыі салідарнасці, павязваюць джынсавыя і бела-чырвона-белыя стужкі на сваёй вопратцы, удзельнічаюць у флэшмобах і Інтэрнэт-акцыях. У храмах па ўсім свеце праходзяць набажэнствы за беларускіх палітвязняў, за сем`і зніклых, за ўсіх, хто змагаецца за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі. Салідарнасць з Беларуссю выяўляюць не толькі простыя грамадзяне, але і кіраўнікі парламентаў і ўрадаў, прэзідэнты шматлікіх краін.
За нашу і вашу свабоду!