Дзень нашай салідарнасьці

16-ТЫ ДЗЕНЬ КОЖНАГА МЕСЯЦА

Ужо напрацягу года ў 16-ты дзень кожнага месяца ў Беларусі і ва ўсім свеце праводзяцца акцыі салідарнасці з беларускімі палітвязнямі, сем`ямі зніклых і ўсімі, хто змагаецца за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі. 16 кастрычніка акцыі прайшлі ў Баранавічах, Гомеле, Салігорску, Мазыры, Магілёве, Брэсце, Бабруйску, Барысаве, Маладзечна, Полацку і іншых гарадах Беларусі. У Менску прайшло некалькі флэшмобаў. Больш за 80 моладзевых актывістаў запалілі свечкі каля станцыі метро "Пушкінская". Яшчэ некалькі дзесяткаў чалавек выйшлі з партрэтамі палітвязняў і зніклых палітыкаў у сквер Адама Міцкевіча. Дзесяткі людзей прыйшлі са свечкамі на Нямігу. Тысячы людзей запальвалі свечкі ў вокнах сваіх кватэр.

Акцыі салідарнасці з Беларуссю прайшлі ў Бельгіі, Літве, Украіне, Расеі, Польшчы, Эстоніі, Швецыі, ЗША і іншык краінах свету.

16 кастрычніка больш за 100 тысяч беларусаў узялі ўдзел у Дні салідарнасці, 16 лістапада іх было ўжо каля 300 тысяч... Свечкі Свабоды запаліліся больш чым у 30-ці беларускіх гарадах і больш чым ў 20-ці краінах свету. "Кожны Дзень салідарнасці мусіць пашырыць шэрагі свабодных людзей," -- упэўнены адзін з каардынатараў руху "Зубр" Мікіта Сасім. А газета "Свободные новости" напісала: "Шмат хто адзначае, што рашэнне 16-ты дзень кожнага месяца адзначаць Дзень салідарнасці, выстаўляючы ў вокны запаленыя свечкі, з'яўляецца адной з самых паспяховых пратэстных акцыяў апошнега часу. Гэта як раз тая форма пратэсту, якой улада не можа эфектыўна супрацьстаяць".

Ініцыятыва праводзіць Дні салідарнасці нарадзілася пасля таго, як 16 верасня 2005 года міліцыя разагнала акцыю ў памяць зніклых і адняла ў яе ўдзельнікаў партрэты зніклых палітыкаў (людзі трымалі ў руках таксама партрэты выкрадзеных у Беларусі экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі і журналіста Зміцера Завадскага) і нацыянальныя сцягі. У той дзень моладзевы лідэр Мікіта Сасім узняў над галавой сваю джынсавую кашулю як знак супраціву дыктатуры.

З таго часу акцыі салідарнасці праводзяцца ў Беларусі і па ўсім свеце ў 16 дзень кожнага месяца. Тысячы беларусаў і сяброў нашай краіны ва ўсім свеце ў 20.00 запальваюць у сваіх вокнах свечкі Свабоды, праводзяць вулічныя акцыі салідарнасці, павязваюць джынсавыя і бела-чырвона-белыя стужкі на сваёй вопратцы, удзельнічаюць у флэшмобах і Інтэрнэт-акцыях. У храмах па ўсім свеце праходзяць набажэнствы за беларускіх палітвязняў, за сем`і зніклых, за ўсіх, хто змагаецца за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі. Салідарнасць з Беларуссю выяўляюць не толькі простыя грамадзяне, але і кіраўнікі парламентаў і ўрадаў, прэзідэнты шматлікіх краін.

www.solidarity16.org